Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: зарплату беларускіх медсясцёр сорамна назваць услых

12.05.2026 12:02
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл звярнулася да медперсанала ў Беларусі з нагоды Міжнароднага дня медсясцёр.
Ілюстрацыйнае фотаObraz 圆 张 z Pixabay/CC0

Святлана Ціханоўская звярнулася за падзякай да беларускіх медсёстраў, зазначыўшы, што яны робяць велізарную працу.

— Вы першыя бачыце чалавека ў дрэнным стане, вы заўважаеце, калі нешта ідзе не так, вы прымаеце дзясяткі маленькіх рашэнняў на працягу змены, а пацыенты часам глядзяць на вас як на апошнюю надзею, — падкрэсліла беларуская лідарка.

Пры гэтым Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на цяжкія ўмовы працы медсясцёр у Беларусі. 

— У Беларусі гэта часта выглядае так: дваццацігадзінная змена, перапоўненыя палаты, пусты кабінет старшай медсястры, бо яна ўжо пабегла на іншы паверх. Ноч, калі трэба адначасова сачыць за пяццю цяжкімі пацыентамі. І зарплата, якую сорамна назваць услых. Сістэма быццам кажа: вашай адказнасці нам дастаткова, астатняе неабавязкова. — Так не павінна быць, — дадала Святлана Ціханоўская.

На яе думку, так не павінна быць.

— Адказнасць не замяняе нармальных умоў працы. Чалавек, які часта адказвае за амаль усё аддзяленне, заслугоўвае не толькі падзякі, але і дастойнай аплаты, адпачынку і павагі. Не калісьці, а зараз.

На сайце Дзяржаўнай службы занятасці на раніцу 12 траўня было 1,8 тыс. вакансій медсясцёр. Найбольш у гэтых работніках маюць патрэбу медустановы Мінска (645 вакансій). Далей ідуць Брэсцкая (308), Мінская (206), Гродзенская (193), Магілёўская (176), Віцебская (144) і Гомельская (126) вобласці, падлічыў партал «Позірк».

— Дзякуй вам. За працу, якая не спыняецца, калі сілы скончыліся. За тое, што вы бачыце чалавека, а не нумар палаты. За тое, што дапамагаеце нягледзячы ні на што. Я ведаю, як дорага гэта каштуе, — зазначыла Святлана Ціханоўская.

Крыніца: Святлана Ціханоўская/юл